ТУРБУЛЕ́НТНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ (ад лац. turbulentus бурны, бязладны),
цячэнне вадкасці ці газу, пры якім асобныя часцінкі рухаюцца неўпарадкавана, па складаных траекторыях. Скорасць, т-ра, ціск і шчыльнасць асяроддзя характарызуюцца пры гэтым хаатычнымі флуктуацыямі. Ад ламінарнага цячэння адрозніваецца інтэнсіўным перамешваннем, цеплаабменам, вял. значэннямі каэф. трэння, размеркаваннем усярэдненай скорасці па сячэнні патоку (пры Т.ц. ў трубцы макс. значэнне скорасці патоку перавышае яе сярэдняе значэнне ў 1,23 раза, пры ламінарным — у 2 разы) і інш. Цячэнне становіцца турбулентным, калі яго Рэйнальдса лік перавышае крытычнае значэнне. У прыродзе і тэхніцы большасць цячэнняў вадкасцей і газаў турбулентныя.
Да арт.Турбулентнае цячэнне. Формы цячэнняў: а — ламінарнае, б — турбулентнае цячэнні.Да арт.Турбулентнае цячэнне. Профіль усярэдненай скорасці: а — пры ламінарным. б — пры турбулентным цячэннях.